Аб катэгорыях, пенсіях, аздараўленнні.

Працяг размовы, якая адбылася ў рэдакцыі “Настаўніцкай газеты” падчас прамой лініі  з удзелам спецыялістаў Цэнтральнага камітэта Беларускага прафесійнага саюза работнікаў адукацыі і навукі.  Публікацыi ў «Настаўніцкай газеце» №115  ад 14 кастрычніка 2017 г.  и  №116  ад 16 кастрычніка.

— Я хацела ўдакладніць: у мяне асноўная нагрузка ў школе 12 гадзін і 8 гадзін — аказанне платных паслуг, якія я аказваю як педагог дадатковай адукацыі. Засталося 3 гады да пенсіі, і я хацела б ведаць, ці будзе аказанне гэтых паслуг улічвацца пры налічэнні каэфіцыента на пенсію.

В.Р.ГЕРАСІМОВІЧ:

— Так, будзе ўлічвацца. У заробак для налічэння пенсіі ўключаюцца выплаты ўсiх вiдаў у грашовым i (або) натуральным выражэнні, налічаныя на карысць грамадзянiна па ўсіх падставах незалежна ад крыніц фінансавання, уключаючы ўзнагароджаннi па грамадзянска-прававых дагаворах, выплаты застрахаванай асобе, якая падлягае абавязковаму страхаванню ад няшчасных выпадкаў на вытворчасці і прафесійных захворванняў, даходы фiзiчнай асобы, якая самастойна выплачвае абавязковыя страхавыя ўзносы ў бюджэт фонду, на якія, згодна з заканадаўствам аб дзяржаўным сацыяльным страхаванні, налічваліся і з якіх выплачваліся абавязковыя страхавыя ўзносы ў названы бюджэт (артыкул 58 Закона Рэспублікі Беларусь ад 17 красавіка 1992 года № 1596-XII “Аб пенсіённым забеспячэннi” (са змяненнямі і дапаўненнямі).

— Добры дзень! Працую ў дзіцячым садзе трэці год, але па спецыяльнасці я настаўнік, прыйшла ў сад з другой катэгорыяй. Ці пераносіцца гэтая катэгорыя на маю цяперашнюю работу?

В.Р.ГЕРАСІМОВІЧ:

— Настаўніку, які мае другую кваліфікацыйную катэгорыю, пры пераходзе на работу ва ўстанову дашкольнай адукацыі для атрымання адпаведнай катэгорыі па пасадзе выхавальніка дашкольнай адукацыі неабходна будзе прайсці працэдуру атэстацыі ва ўстаноўленым парадку.

Атэстацыя педагагічных работнікаў сістэмы адукацыі ажыццяўляецца ў адпаведнасці з Інструкцыяй аб парадку правядзення атэстацыі педагагічных работнікаў сістэмы адукацыі (акрамя педагагічных работнікаў з ліку прафесарска-выкладчыцкага складу ўстаноў вышэйшай адукацыі), (далей — Інструкцыя), зацверджанай пастановай Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь 22 жніўня 2012 года № 101 (са змяненнямі і дапаўненнямі).

У адпаведнасці з пунктам 20 гэтай Інструкцыі, пры праходжанні атэстацыі на прысваенне кваліфікацыйнай катэгорыі мае права прэтэндаваць незалежна ад стажу работы, які вызначаны часткай першай пункта 19 Інструкцыі, выхавальнік дашкольнай адукацыі, калі яму прысвоена адпаведная кваліфікацыйная катэгорыя па пасадзе настаўніка.

Неабходна мець на ўвазе, што, у адпаведнасці з пунктам 18 Інструкцыі, абавязковымі ўмовамі допуску да атэстацыі на прысваенне кваліфікацыйнай катэгорыі, акрамя названых патрабаванняў да наяўнасці стажу, з’яўляюцца адпаведнасць атрыманай адукацыі кваліфікацыйным патрабаванням і засваенне зместу адукацыйнай праграмы павышэння кваліфікацыі кіруючых работнікаў і спецыялістаў у тэрміны, прадугледжаныя заканадаўствам.

— Я настаўніца рускай мовы і літаратуры, больш за 26 гадоў працую ў школе ў Магілёўскай вобласці. У гэтым годзе афармляла пенсію па выслузе гадоў. І атрымалася так, што мне не хапае стажу, года з лішнім. Педнагрузка ў мяне заўсёды была не менш за 18—20 гадзін. Чаму так атрымалася?

В.Р.ГЕРАСІМОВІЧ:

— Пачынаючы з 1 студзеня 2009 года падлік прафесійнага стажу ажыццяўляецца на падставе артыкула 13 Закона Рэспублікі Беларусь ад 5 студзеня 2008 года № 322-З “Аб прафесійным пенсіённым страхаванні” (далей — Закон), зыходзячы са звестак спецыяльнай часткі індывідуальнага асабовага рахунку застрахаванай асобы шляхам складання перыядаў, за якія выплачаны ўзносы на прафесійнае пенсіённае страхаванне, з улікам умоў, прадугледжаных Законам. Пры гэтым палажэнні Закона прадугледжваюць уключэнне ў прафесійны стаж толькі перыяды работы з асаблiвымi ўмовамi застрахаванай асобы з выплатай узносаў на прафесійнае пенсіённае страхаванне. Адпаведна, у прафесійны стаж не ўключаюцца перыяды занятасці, на працягу якіх умовы працы педагагічных работнікаў не адпавядаюць устаноўленым крытэрыям ацэнкі і за якія не выплачаны ўзносы на прафесійнае пенсіённае страхаванне (уключаючы перыяды часовай непрацаздольнасці, канікулы).

— Прывітанне! Мне 48 гадоў, працую настаўнікам, у будучыні збіраюся на льготную пенсію. Але раптам у мяне праз два гады, як я планую, не атрымаецца выйсці на такую пенсію, хоць яна мне патрэбна ў сувязі са станам здароўя. У аддзеле адукацыі кажуць, што такія звесткі загадзя даць не могуць. Акрамя педагагічнай дзейнасці ў пэўным аб’ёме, якія яшчэ патрэбны ўмовы для выхаду на датэрміновую пенсію?

В.Р.ГЕРАСІМОВІЧ:

— З 1 студзеня 2009 года падлік прафесійнага стажу для вызначэння права на датэрміновую прафесійную пенсію робіцца ў адпаведнасці з Палажэннем аб крытэрыях ацэнкi ўмоў працы для асобных катэгорый работнікаў і (або) асаблівасцей (відаў) работ, якія выконваюцца, для мэт прафесійнага пенсіённага страхавання і парадку іх прымянення (далей — Палажэнне), зацверджаным пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь 9 кастрычніка 2008 года № 1490 “Аб некаторых пытаннях прафесійнага пенсіённага страхавання” з дапаўненнямі і змяненнямі.

У адпаведнасці з падпунктам 24.2.2 пункта 24 Палажэння, для настаўніка крытэрыем ацэнкі яго работы з’яўляецца вядзенне педагагічнай дзейнасці ў частцы рэалізацыі адукацыйных праграм (за выключэннем арганізацыйна-выхаваўчай работы і дадатковага кантролю за вучэбнай дзейнасцю вучняў) у аб’ёме не менш за 18 гадзін у тыдзень, выкананне арганізацыйна-выхаваўчай работы, ажыццяўленне дадатковага кантролю вучэбнай дзейнасці навучэнцаў і выкананне іншых абавязкаў, прадугледжаных кваліфікацыйнымі характарыстыкамі.

— Працую ў дзіцячым садзе, з’яўляюся старшынёй атэстацыйнай камісіі. Пытанне з практыкі работы камісіі: чалавек ідзе ў педуніверсітэт на двухгадовую перападрыхтоўку, атрымлівае кваліфікацыю па спецыяльнасці “Дашкольная адукацыя”. Ці можа ён атэставацца на кваліфікацыйную катэгорыю, калі да перападрыхтоўкі ў яго не было педагагічнай адукацыі, была эканамічная. Перападрыхтоўку выхавальнік скончыў нядаўна.

В.Р.ГЕРАСІМОВІЧ:

— У адпаведнасці з пунктам 18 Інструкцыі аб парадку правядзення атэстацыі педагагічных работнікаў сістэмы адукацыі (акрамя педагагічных работнікаў з ліку прафесарска-выкладчыцкага складу ўстаноў вышэйшай адукацыі), абавязковымі ўмовамі допуску педагагічнага работніка да атэстацыі на прысваенне любой кваліфікацыйнай катэгорыі з’яўляюцца:

— адпаведнасць атрыманай адукацыі кваліфікацыйным патрабаванням. Па кожнай пасадзе педагагічных работнікаў яны вызначаны ў выпуску 28 Адзінага кваліфікацыйнага даведніка пасад служачых, занятых у адукацыі;

— наяўнасць стажу работы (акрамя выпадкаў, вызначаных Інструкцыяй). Для прэтэндэнтаў на прысваенне другой і першай кваліфікацыйных катэгорый стаж работы на паса¬дзе, па якой яны атэстуюцца, павінен быць два гады; вышэйшай, а таксама кваліфікацыйнай катэгорыі “настаўнік-метадыст” — тры гады з дня прысваення папярэдняй катэгорыі;

— асваенне зместу адукацыйнай праграмы павышэння кваліфікацыі кіруючых работнікаў і спецыялістаў у тэрміны, прадугледжаныя заканадаўствам. Калі ўстаноўлена абавязковае павышэнне кваліфікацыі адзін раз у тры гады, то для праходжання атэстацыі, у тым ліку на прысваенне другой кваліфікацыйнай катэгорыі, умова павінна выконвацца.

Выпускам 28 Адзінага кваліфікацыйнага даведніка пасад служачых, занятых у адукацыі, для выхавальніка ўстаноўлены наступныя кваліфікацыйныя патрабаванні: наяўнасць вышэйшай (сярэдняй спецыяльнай) адукацыі па профілях “Педагогіка”, “Педагогіка. Прафесійная адукацыя” або вышэйшай (сярэдняй спецыяльнай) адукацыі і перападрыхтоўкі па профілях “Педагогіка”, “Педагогіка. Прафесійная адукацыя” без прад’яўлення патрабаванняў да стажу работы.

Такім чынам, калі ў ходзе перападрыхтоўкі выхавальнік атрымаў адпаведную адукацыю, мае неабходны стаж работы на названай пасадзе, прайшоў курсы павышэння кваліфікацыі, ён можа быць дапушчаны да атэстацыі.

— Я настаўніца пачатковых класаў першай катэгорыі. У гэтым годзе хачу павысіць кваліфікацыйную катэгорыю як кіраўнік гуртка (педагог дадатковай адукацыі) і як выхавальнік групы прадоўжанага дня. Ці магу я гэта зрабіць да новага года адначасова? Па сумяшчальніцтве не аформлена.

В.Р.ГЕРАСІМОВІЧ:

— Не, не зможаце. Згодна з пунктам 6 Інструкцыі аб парадку правядзення атэстацыі педагагічных работнікаў сістэмы адукацыі, прысваенне кваліфікацыйных катэгорый педагагічнаму работніку ажыццяўляецца па пасадзе, якую ён займае. Выкананне настаўнікам работы на пасадзе педагога дадатковай адукацыі і выхавальніка можа ажыццяўляцца на ўмовах сумяшчальніцтва, з афармленнем іншага працоўнага дагавора.