Готовимся к ЦТ/ЦЭ 2023 по белорусскому языку: советы абитуриентам

Выпускнікі 2023 года будуць здаваць на выбар цэнтралізаваны экзамен (ЦЭ) па беларускай або рускай мове. Вынікі ЦЭ будуць залічвацца пры паступленні ва ўніверсітэт, а таксама пойдуць у атэстат.

Здаваць ЦТ і ЦЭ па адным прадмеце ў гэтым жа годзе выпускнікам устаноў агульнай сярэдняй адукацыі забараняецца. Абітурыенты з ліку выпускнікоў сярэдне-спецыяльных навучальных устаноў могуць здаваць ЦТ па мове. З афіцыйнай інфармацыяй крышачку разабраліся, цяпер жа пагаворым, як рыхтавацца да ЦТ/ЦЭ па беларускай мове.

ЦЭ 2023 пройдзе ў сярэдзіне мая, што на месяц раней за цэнтралізаванае тэсціраванне, таму брацца за падрыхтоўку варта ўжо цяпер. Фармат экзамену будзе такі ж, як і ЦТ.

План падрыхтоўкі да ЦТ і ЦЭ

Змест цэнтралізаванага тэсціравання і цэнтралізаванага экзамену адпавядае школьнай праграме, пагэтаму спакойна бяры спецыфікацыю ЦТ па беларускай мове, каб мець пад рукой пералік усіх тэм для паўтарэння. Раней мы публікавалі спіс дапаможнікаў па беларускай мове, там знойдзеш правераныя часам і практыкай кнігі. Альтэрнатыўны варыянт — падручнікі за 5−11 клас.

Перад тым, як брацца за паўтарэнне, варта ацаніць свой узровень ведаў. Адзнака ў дзённіку — слабы арыентыр, бо на ўроках ты выконваеш заданні іншага тыпу. Таму не палянуйся схадзіць на РТ ці прайсці ЦТ анлайн.

Абавязкова складзі сабе графік заняткаў, улічыўшы нагрузку і па іншых прадметах. Не забудзь пра адпачынак, хаця б адзін дзень на тыдзень вызваляй ад падрыхтоўкі да ЦТ і ЦЭ. Так ты зберажэш сілы і здаровы глузд.

Парады для эфектыўнай падрыхтоўкі Калі план складзены, размяркуй заняткі такім чынам, каб на самыя складаныя для цябе тэмы адводзілася як мага больш часу і наадварот. Не забывай выконваць работу над памылкамі, а таксама перыядычна паўтараць матэрыял — гэта гарантуе высокі бал на экзамене.

За годы падрыхтоўкі абітурыентаў да ЦТ Адукар назапасіў шмат цікавостак, якія робяць вучобу весялейшай.